**********************************************
ДАВЕДКА
Асноўныя прамысловыя прадпрыемствы Талачынскага раёна:
- ААТ “Коханаўскі экскаватарны завод”;
- СП “Святавіт” (завод па выпуску экскаватараў на базе аўтамабіляў “МАЗ”, “КрАЗ”, “Урал” і на гусенічным ходзе);
- ЗЗАТ (замежнае закрытае акцыянернае таварыства) “Коханаўскі трубны завод «Белтрубпласт»”;
- ААТ “Коханава” (завод жалезабетонных вырабаў);
- ААТ “Коханаўскі льнозавод”;
- ААТ “Талачынскі льнозавод”;
- КУП “Талачынская тэкстыльная фабрыка”;
- ААТ “Талачынскі элеватар”;
- РУП “Талачынскі кансервавы завод”;
- УПП “Камбінат кааператыўнай прамысловасці” (прадпрыемства па вырабе прадуктаў харчавання: хлеба-булачныя, мясныя і інш.);
- Талачынскі філіял Лепельскага малочнакансервавага камбіната;
- Торфабрыкетны цэх Аршанскай ЦЭЦ.
*********************************************
Наш раён, якi часта называюць сельскагаспадарчым, на самай справе не такi ўжо выключна земляробча-жывёлагадоўчы. На яго тэрыторыi побач з распаўсюджанымі ў краіне льнозаводамі, заводам па вытворчасці жалезабетонных канструкцый, элеватарам размешчаныя і такія салiдныя, унікальныя сваёй адзінкавасцю прамысловыя прадпрыемствы, як экскаватарны завод, завод па выпуску полiэтыленавых труб… Прамысловасць фармiруе да 50 % раённага бюджэту, i працуе ў ёй 2066 чалавек (з 10428-мі ў цэлым па раёне). Аб стане прамысловасцi, аб дзейнасці асобных прадпрыемстваў – наступная гутарка з намеснiкам старшынi райвыканкама Георгiем Мурашкам.

– Георгiй Георгiевiч, колькi ў нас усяго прамысловых прадпрыемстваў, якой яны формы ўласнасцi, якiя замежныя дзяржавы маюць сваю долю капiталу ў iх?
– Можна назваць дзевяць буйных прадпрыемстваў, калi не адносiць да iх торфабрыкетны цэх Аршанскай ЦЭЦ i фiлiял Лепельскага малочнакансервавага камбiната, а таксама лясгас, якi лiчыўся прамысловым прадпрыемствам, пакуль у iм быў дрэваапрацоўчы цэх. Па форме ўласнасцi – акцыянерныя таварыствы, унiтарныя прадпрыемствы. З iх толькi адно знаходзiцца ў камунальнай уласнасцi раёна – ААТ «Коханава», астатнiя – рэспублiканскiя i абласныя. У капiтале СП «Святавiт» удзельнiчаюць лiтоўцы, «Белтрубпласта» – расiяне.
– Паспяховасць функцыянавання прадпрыемства можна ацэньваць па розных крытэрыях – i па аб’ёме вырабленай прадукцыi, i па аб’ёме рэалiзаванай, і па стане матэрыяльна-тэхнічнай забяспечанасці, але для кожнага радавога работнiка, зразумела, у першую чаргу самым актуальным крытэрыем з’яўляецца памер i своечасовасць выплаты заробку. Што ў гэтым плане можна сказаць аб прамысловасцi раёна? Колькi зарабляюць людзi i цi заўсёды стабiльна атрымлiвюць заробленае?
– На сённяшнi дзень сярэдняя зарплата па раёне ў гэтай сферы складае 891000 рублёў, 112,8 працэнта да ўзроўню мiнулага года. Самая высокая заработная плата на СП «Святавiт», за восем месяцаў яна склала 1700000 рублёў. На большасцi прадпрыемстваў становiшча з зарплатамi стабiльнае, назiраецца невялiкi іх рост – пацiху, нязначна, але растуць (толькi на кансервавым заводзе за 7 месяцаў засталiся на ўзроўнi 100 працэнтаў да аналагiчнага перыяду мiнулага года). Ёсць цяжкасцi на льнозаводах i на тэкстыльнай фабрыцы, там выплата заробкаў заўсёды адбываецца ў канцы наступнага месяца. Што да льнозаводаў, то прычынамi затрымак з’яўляюцца i несвоечасовасць разлiкаў за пастаўленую прадукцыю з боку Аршанскага льнокамбiната, i запозненае паступленне дзярждатацыi, i цэлы шэраг iншых прычын, незалежных ад нас. А тэкстыльная фабрыка мае цяжкасцi са збытам прадукцыi (галоўны спажывец – Расiя), з абаротнымi сродкамi, якiх ёй не хапае.
– Дарэчы, наконт гатовай прадукцыi. У нас цяпер, здаецца, гэтая праблема не стаiць? Лiчбы паказваюць, што за лета склады значна разгрузiлiся?
– Па аператыўных звестках на 1 кастрычнiка ўсяго на складах прадпрыемстваў раёна было прадуцыi на 4 мiльярды 440 мiльёнаў рублёў. З iх iльвiная доля належала «Святавiту» i «Белтрубпласту» – больш за 3 мiльярды на дваiх. Але гэта не тая прадукцыя, што будзе ляжаць мёртвым грузам, гэтыя прадпрыемствы проста на склад не працуюць – толькi на заказы. Таму ўсё гэта тавары, якiя абавязкова будуць адгружаныя. Часам здараюцца такiя затрымкi, што своечасова не адгрузiлi, i на некалькi дзён утварыўся запас прадукцыi. Напрыклад, той жа «Святавiт»: чацвёртага, пятага кастрычнiка экскаватары ўжо былi адпраўленыя заказчыкам. Крыху павялiчылiся запасы на кансервавым заводзе, але не крытычна (560 мiльёнаў рублёў па стане на 1 кастрычнiка).
– Апошнiм часам шмат гаварылася пра неабходнасць разгрузкi складоў, але i неабходнасць вырабляць прадукцыю нiхто не адмяняў. Як нашы прадпрыемствы выконваюць свае задачы, планы?
– За дзевяць месяцаў выраблена прадукцыi на 114,2 мiльярда рублёў. Гэта 111 працэнтаў у адносiнах да мiнулага года пры плане 112. У кастрычнiку, думаю, рост будзе на ўзроўнi 111,1 працэнта, а да канца года мы выйдзем на 112. Хтосьцi, канечне, працуе лепш, хтосьцi горш. Так, талачынскi льнозавод i тэкстыльная фабрыка не дацягваюць нават да ўзроўню мiнулага года. У «Белтрубпласта» запаволiўся тэмп росту ў першыя 5 месяцаў, але пасля ён стаў наганяць страчанае i за адзiн толькi верасень выпусцiў прадукцыi больш чым на 6 з паловай мiльярдаў, што складае 161 працэнт у параўнанні з вераснем мінулага года. Адстаём мы па вытворчасцi спажывецкiх тавараў. Акрамя тэкстыльнай фабрыкi, якая цягне нас унiз (рост аб’ёму вытворчасцi прадукцыi забяспечаны толькi на 60,4 працэнта), недавыконваюць планы камбiнат кааператыўнай прамысловасцi (101,7 працэнта) i кансервавы завод (105,7 працэнта).
– У народзе час ад часу з’яўляюцца чуткi то пра б’яднанне льнозаводаў, то пра закрыццё тэкстыльнай фабрыкi, але ў рэшце рэшт нiчога гэтага не адбываецца. Цi ёсць нейкiя рэальныя падставы для падобных размоў?
– На сённяшнi дзень ёсць некалькi рашэнняў аблвыканкама аб мэтазгоднасцi далучэння талачынскага льнозавода да коханаўскага. Складзеныя нават акты iнвентарызацыi, але пакуль што канчатковае рашэнне не прынята. Самi мы гэтага зрабiць не можам, бо льнозаводы знаходзяцца ў камунальнай уласнасцi аблвыканкама i рэспублiкi. I нават аблвыканкам не можа зрабiць аб’яднанне, пакуль не атрымае згоду на ўзроўнi некаторых ведамстваў рэспубліканскага ўзроўню. Зараз гэтае пытанне знаходзіцца на разглядзе, але калi будуць вядомыя вынiкi, цяжка сказаць. Увогуле, у цяперашнi час iснуе некалькi праектаў рэфармавання льняной галiны краiны. У вынiку можа стаць так, што з дваццацi льнозаводаў вобласцi застануцца толькi шэсць, а астатнiя будуць рэарганiзаваныя, аб’яднаныя i г. д. Усяго па рэспублiцы iх больш за сорак, i большасць, як бачна, у нашай вобласцi. Было б добра, калi б пытанне з нашымi заводамi вырашылася хутчэй, аб’ядноўваць iх трэба, бо на талачынскiм становiшча крытычнае, яго пацiху пакiдаюць людзi. Але ад нас працэс далучэння не залежыць. А пра тэкстыльную фабрыку пакуль што нiякае канкрэтнае пытанне не стаiць.
Як вiдаць, у прамысловай сферы раёна назiраюцца ў цэлым тыя самыя тэндэнцыi, што i раней: прадпрыемствы, якiя займалi стабiльнае становiшча, утрымлiваюць свае пазiцыi, а дзе былi сур’ёзныя цяжкасцi, там яны i засталiся. Цi выйдуць праблемныя прадпрыемствы са сваiх крызiсаў, якiя пачалiся яшчэ да таго самага, сусветнага эканамiчнага? I калi выйдуць, то калi i якiм чынам, якой цаной? Не на ўсе пытаннi тут пакуль што можна атрымаць адказ, не супраць усiх праблем – рэцэпт. Хаця, логiка падказвае, што для выхаду з зачараванага кола старых праблем патрэбен нейкi нестандартны, новы падыход, новая iдэя. Толькi хто яе падасць – нам, звычайным людзям, застаецца чакаць i спадзявацца?
© Сяргей Абрамовіч, 2009